Ніва № 42 (3675), 18 кастрычніка 2026 г.
Прыгожыя, таленавітыя, адважныяУладзімір АРЛОЎПакуль мая кніга „Прыўкрасныя. Жанчыны ў гісторыі Беларусі”, якая стваралася з дапамогай стыпендыі Прэзідэнта Беластока, яшчэ ў дарозе да друкарні, зноў хачу пазнаёміць чытачоў „Нівы” з яе новымі старонкамі. Сёння гэта нашы сучасніцы, чые імёны захаваюцца ў памяці беларусаў дзякуючы мудрасці і смеласці, рашучасці і патрыятызму, а таксама — простай чалавечай дабрыні і эмпатыі. Людміла Краскоўская Яна захаплялася Маргарэт Тэтчэр, якая называла сапраўднай жаночай прыгажосцю сілу духу і волю да жыцця. Сказана нібыта пра Людмілу Краскоўскую. Думаючы пра яе, успамінаю нашу суайчынніцу з XVIII стагоддзя Саламею Русецкую, таксама гераіню гэтае кнігі. Пры ўсёй розніцы іхніх талентаў гэтых жанчын шмат што лучыць. Пачаць можна з жыццёвых адысеяў. Дарогі Людмілы прайшлі праз Вільню, Кіеў, Тбілісі, Стамбул, Афіны, Вену, Берлін, Мінск, расейскі Куйбышаў (пра з’яўленне гэтага адраса пазней), Прагу, Браціславу... Частку гэтых вандровак яна здзейсніла яшчэ падлеткам і юначкаю разам з бацькам — народжаным у Дубічах-Царкоўных на Падляшшы Іванам Краскоўскім, дзеячам Беларускай і Украінскай Народных Рэспублік, паслом УНР у незалежнай Грузіі. Калі сям’я ў 1921 годзе пасля рэвалюцыйных бураў зноў убачыла Вільню, Людміла паступіла ў славутую Беларускую гімназію. Прадметам яе захаплення сталіся ўнікальныя калекцыі Івана Луцкевіча, што захоўваліся ў тых самых (...) |