Ніва № 1 (2225), 3 студзеня 1999 г.

Упарадкавалі тарашкевіцу

Ян МАКСІМЮК

5 і 6 снежня 1998 г. у Празе, у сядзібе Радыё Свабода, адбылася канферэнцыя па ўпарадкаванні класічнага (традыцыйнага) беларускага правапісу — тарашкевіцы.

З часу, калі Браніслаў Тарашкевіч выдаў сваю „Беларускую граматыку для школ”, дзе ён упершыню пастараўся кадыфікаваць беларускі правапіс, мінула 80 гадоў. Тарашкевіца падпала ў Беларусі пад забарону ў 1933 годзе, калі Савет народных камісараў рэфармаваў правапіс адмысловай пастановай. З таго часу ў афіцыйны ўжытак у Беларусі прыйшоў правапіс папулярна званы наркомаўкай. Наркомаўкай карыстаемся і мы на Беласточчыне — і ў школьнай сістэме, і ў нашых друкаваных выданнях.

У Беларусі тарашкевіца адрадзілася ў другой палове 80-тых гадоў, разам з агульным адраджэннем нацыянальнага жыцця. Зразумела, ужываць „правапіс з мяккім знакам” сталі перш за ўсё нефармальныя выданні. Маладыя людзі адкрывалі для сябе беларускую мову (альбо вярталіся да яе) якраз у ейным дарэформавым графічным афармленні. Гэта істотна, бо сёння можна ўжо сказаць, што на тарашкевіцы вырасла цэлае пакаленне карыстальнікаў і носьбітаў беларускай мовы. Адраджэнне тарашкевіцы ў Беларусі — гэта ўжо не мара „кучкі нацыяналістаў”, а рэальны лінгвістычны факт.

Тарашкевіца ўвесь час жыла сярод беларускай эміграцыі. Калі ў Беларусі газеты „Свабода” і „Наша ніва” сталі „абкатваць тарашкевіцу”, яны маглі пакарыстацца 40-гадовым досведам нью-йоркскага „Беларуса” дый іншых эмігранцкіх выданняў. Аднак жа разам з прыходам штораз большай колькасці іншамоўных слоў і запазычанняў у беларускую мову, у незалежных выданнях пачалі ўзнікаць правапісныя цяжкасці і разнабой. Наспела патрэба ў пэўнай уніфікацыі тарашкевіцы. Пражская канферэнцыя гэтую патрэбу, лічу, задаволіла. Падставай „пражскай уніфікацыі” стаўся 23-старонкавы праект правапісу распрацаваны Вінцуком Вячоркам. Перад канферэнцыяй ён быў разасланы да 30 беларускіх лінгвістаў, пісьменнікаў, журналістаў, выдаўцоў і наогул „актыўных карыстальнікаў тарашкевіцы” ў Беларусі і замежжы дзеля папярэдняга абмеркавання. Амерыканскую дыяспару на сустрэчы прадстаўляў Лявон Юрэвіч (з маладой эміграцыі), які прыехаў у Прагу з пастановай, прынятай на адмысловай сходцы. Я папаў у спісак удзельнікаў, відаць, як „актыўны карыстальнік” — калі ўзяць пад увагу першы том перакладу „Уліса”, Яновічаву „Доўгую сьмерць Крынак” і палітычны бюлетэнь „Беларускія навіны”, дык выходзіць, што да якіх 80 працэнтаў тэкстаў з тарашкевіцай на Беласточчыне я меў дачыненне як перакладчык, рэдактар альбо аўтар.

Не буду прыводзіць тут канкрэтных пастаноў і вырашэнняў праблемаў тарашкевіцы, што былі прыняты ў Празе. Праз які месяц ці паўтары выніковы дакумент будзе даступны ўсім зацікаўленым*. Скажу толькі, што пастановы прымаліся не галасаваннем, а праз кансенсус, пасля вычарпальнага абмеркавання спрэчнага пытання, калі адзін бок прызнаваў рацыю апанентам. Гэткім чынам, зроблены быў важкі крок у кірунку ліквідацыі разнабою ў правапіснай практыцы прыхільнікаў тарашкевіцы. Удзельнікі пастанавілі разаслаць выніковы дакумент канферэнцыі — звод правіл тарашкевіцы — у якасці правапіснай рэкамендацыі ўсім, хто піша „з мяккім знакам”.

У канферэнцыі прынялі ўдзел: Вінцук Вячорка (аўтар праекта), Сяргей Шупа (вядучы), Пятро Садоўскі, Зміцер Санько, Зміцер Саўка, Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец, Сяргей Сокалаў-Воюш, Вячка Станкевіч, згаданы ўжо Лявон Юрэвіч, аўтар гэтага допісу (гэтым асобам праект рассылаўся дзеля папярэдняга абмеркавання), а таксама яшчэ дзесятак журналістаў і іншых карыстальнікаў тарашкевіцы.


* На жаль, выніковы дакумент недаступны да гэтага часу.