Ніва № 36 (3669), 6 верасня 2026 г.
Праверка для ўсіхУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧДаўно вядома, што людзі выяўляюцца найбольш выразна менавіта ў крытычных і цяжкіх сітуацыях. Калі, прыкладам, тоне карабель, адны імкнуцца зрабіць максімальна, каб уратаваць жыццё бліжнім. Вядомыя і апісаныя прыклады неверагоднага самаахвяравання і мужнасці. А іншыя гатовыя «скакаць па трупах», каб толькі ўратавацца самім, кожнай цаной, нягледзячы на гібель і стан навакольных. Некалі светлай памяці гарадзенскі святар Віктар Данілаў у сваіх казанях любіў прывесці такі прыклад. У адным шчыльным натоўпе ўсе людзі асцерагаюцца і захоўваюцца так, каб ніхто ім не наступіў на нагу. У іншым, такім жа тлуме, людзі ўсяляк думаюць пра тое, каб не наступіць на ногі іншых. «Як вы мяркуеце, у якім з гэтым натоўпаў будзе менш пашкоджаных ступняў?!» — рытарычна запытваў наш святар. І адказ быў, канешне, відавочны. Добра памятаю асабіста, як маладыя хлопцы выяўлялі свае характары ў няпростых умовах службы ў савецкім войску. Ужо праз пару тыдняў супольнага побыту ў суровых умовах вайсковых рэалій і стасункаў станавілася зразумелым, хто можа цябе падтрымаць і хто стане тваім надзейным сябрам. І наадварот — ад каго варта чакаць подласці, стукацтва і каго лепш трымацца падалей. Ва ўмовах турэмнага зняволення, такія псіхалагічныя «каталізатары» спрацоўваюць яшчэ хутчэй. Пра гэта шмат расказваюць тыя палітвязні, якім ужо пашчасціла выйсці з за крат, ці ў выніку адбыцця ўсяго тэрміну ці датэрміновага вызвалення, і вырвацца (...) |