Ніва № 09 (3642), 1 сакавіка 2026 г.
Мой лёс — Дубічы-ЦаркоўныяАляксей МАРОЗКніга Мікалая Панфілюка «Мой лёс — Дубічы-Царкоўныя», гэта 65-ае выданне Праграмнай рады Тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва», які ў гэтым годзе адзначае 70-гадовы юбілей. Раней успаміны Мікалая Панфілюка — пастаяннага нашага чытача, шматгадовага карэспандэнта, фельетаніста і народнага паэта з Дубіч-Царкоўных друкаваліся на старонках нашага тыднёвіка. У канцэртнай зале Гміннага асяродка культуры, спорту і рэкрэацыі ў Дубічах-Царкоўных 14 лютага адбылася аўтарская сустрэча і прамоцыя выдання. Сустрэчу з Мікалаем Панфілюком і яго сынам Уладзімірам вёў наш беларускі пісьменнік і журналіст Радыё Рацыя Міхал Андрасюк з Войнаўкі, які заадно быў і рэдактарам кнігі «Мой лёс — Дубічы-Царкоўныя». — Вы чыталі ў «Ніве» расказы Мікалая Панфілюка аб Дубічах. Зараз ужо выйшла на беларускай мове кніжка яго ўспамінаў, якой мы доўга чакалі. Я ўжо кніжку прачытала і ўпэўнена магу сказаць, што яна вельмі цікавая. Сёння будзе нагода ставіць пытанні аўтару кнігі «Мой лёс — Дубічы-Царкоўныя». Напэўна цікавіць вас, што аб Дубічах напісана і сёння многа аб гэтым даведаемся. Можна будзе таксама купіць новавыдадзеную кніжку і атрымаць аўтограф аўтара, — заявіла дырэктар Гміннага асяродка культуры, спорту і рэкрэацыі ў Дубічах-Царкоўных Міраслава Іванюк і прывітала гасцей сустрэчы. Я выступіў ад імя «Нівы», Праграмная рада якой была выдаўцом кнігі Мікалая Панфілюка. Звярнуў увагу на багатую, шматгадовую і (...) |