Ніва № 09 (3538), 3 сакавіка 2024 г.

Загінулі за свой характар (3)

Ганна КАНДРАЦЮК

Кажуць, няма аднолькавых біяграфій, у кожнага свой лёс. Аднак дзяцінства Любы Рудчук, 1932 года нараджэння, у многім напамінала дзяцінства святой Марыі. Мая субяседніца ўспамінае міжваенныя гады без сантыментаў. З маленства яе, сірату без бацькі, прыручалі да працы і брутальнасці жыцця.

— Ад пяці гадоў рабіла на гаспадарцы, — уздыхае старажылка, — усё было на маёй галаве.

Памятае, як аднойчы маці збіралася ў поле і ёй, малой дзяўчынцы, даручыла даглядаць паросную свінню.

— А я такі бахур, што нічога не ведаю! — яшчэ сёння хвалюецца жанчына. — Што мне рабіць з гэтай пароснай свіннёй? Ну, хоць забі, нічога не разумела. Маці не ўступала з ёй у размову, коратка прыказала: свіння сама справіцца, нічога не трэба рабіць. Толькі глядзі, каб яна парасят не падушыла. І пакінула яе адну бахурку на панадворку. Калі Люба заглянула ў хлеў, на саломе ўжо таптала пяць парасятак. Ёй хацелася ўзяць іх кволых і безабаронных на рукі, прыгарнуць да грудзей, палашчыць. Але спалохаў стогн і балючае рохканне свінні, якая парасілася на яе вачах. Ад пабачанага не магла зрушыць з месца, стаяла і плакала, ажно вярнулася з поля маці. Баялася за свінню — што будзе, калі яна здохне, асіроціць безабаронных парасятак.

З-за сіроцтва маці не пусціла Любу ў школу. Як найстарэйшую сярод дзяцей аставіла яе за гаспадыньку, даглядаць хату. Потым, калі дарасла, наракала на матку, папракала яе, што не дазволіла (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF