Ніва № 04 (3533), 28 студзеня 2024 г.

Надзея (працяг з «Нівы» № 03)

Віктар САЗОНАЎ

Дзяўчына слухала, і не верыла сваім вушам. Сапраўды нейкі прасвет у гэтай паганай сітуацыі. Ды нешта тут не зрасталася. Паверыць у альтруізм Зязюлі, гэта сябе не паважаць. Калі яна вырашыць паверыць у шчырасць яго слоў, то лепш тады трэба вяртацца ў дурку, бо дакладна не далячылі.

— А табе што з таго за карысць? — перайшла нядаўняя пацыентка псіхіятрычнай лячэбніцы да канкрэтыкі.

Вылечылі, значыць. Усё ж медыцына ў гэтай галіне на дастаткова высокім роўні аказалася. А можа гэта само жыццё падлячыла пацыентку. Апошнім часам яно было такім, што і вожыка прымусіла б не верыць на першае слова.

— Прыкідвацца не буду, сваю карысць я тут маю, — вельмі шчыра адказаў Зязюля.

Наташа ажно запаважала яго імгненна і праўдзіва. Даўно ад людзей не чула такой шчырасці. І хай сабе ў яго свая шкурная карысць, хай што заўгодна, але такая шчырасць падкупляла і была вартая павагі ўжо па факце яе існавання.

— Ты ж ведаеш, у нас хутка будзе размеркаванне на працу, — пачаў хлопец агучваць дэталі. — І мяне сто адсоткаў запруць у Чарнобыльскую зону. Мае ж планы на бліжэйшае і далейшае жыццё крыху не супадаюць з гэтымі. Дык вось, калі я ім у камісію прадстаўлю сапраўдны дакумент завераны старшынёй ЗАГСа Ленінскага раёна горада Гародні, што я жанаты, то мяне пакінуць тут, у маім любімым горадзе. Разам са шчаслівай сям’ёй. Сям’я гэта не хрэн сабачы, а першасная савецкая ячэйка сацыялістычнага (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF