Ніва № 02 (3270), 13 cтудзеня 2019 г.

Як спявалі за сталом, то хата трашчала

Міхал МІНЦЭВІЧ

Размова з Віталём СОХАМ, 1949 года нараджэння з Тапаркоў у Кляшчэлеўскай гміне; успамін сямейнай гісторыі.

— Ці Вы помніце сваіх дзядоў?

— Калі я нарадзіўся, то жыла толькі бабуля Насця, мама маёй мамы Сафіі. Бабуля жыла ў Рутцы каля ДубічЦаркоўных. Удавіцай гадавала чатырох хлапцоў і дзве дзяўчыны. У нашай сям’і ў Тапарках я нарадзіўся апошнім, дванаццатым дзіцём. Некалькі ранейшых дзяцей памерла. У аднаго з дзядзькоў было сямёра дзяцей, у другога васьмёра. Дзядзька Вася Ляўчук жыў у Орлі.

Здаралася, збярэмся ў бабулі, а там хата маленькая была. Бывала і па дваццаць унукаў. То бабуля не ведала, што з намі рабіць дык брала кіёк і разганяла па кутках. Бабуля пра нішто мне не расказвала, але і я сваіх бацькоў пра нішто не распытваў. Па сённяшні дзень здзіўляюся, чаму я не пытаў. Шмат чаго не ведаю, але ўжо запозна.

Мама Сафія паходзіла з Руткі, тата быў з Тапаркоў. Калі пажаніліся, то мой дзедка Арцём падзяліў усім дзецям па адным гектары поля. Мая мама атрымала крыху больш, бо і лугі. Дзедка на калёніі з Руткі ў Рудуты пабудаваў хатку з дыляў, накрыў дахоўкай. Там жылі мае брат і сёстры: Фрося (1931 года нараджэння), Фанась (1932), Ніна (1933), Эля (1938) і Гандзя (1939). Усе яны не хадзілі ў школу, толькі Фанась пасля неяк два класы скончыў. Мелі файную карову Гомель, якую з Нямеччыны прывезла цётка. І пачалася вайна.

Сталі прыходзіць партызаны. Аднойчы (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF