Ніва № 35 (3251), 2 верасня 2018 г.

ПОЎНЯ (ч.І)

Міхась АНДРАСЮК

Шаноўныя чытачы. Прапануем Вашай увазе фрагмент новай кнігі прозы Міхася Андрасюка пад загалоўкам „Поўня”. Кніга будзе выдадзеная нашай рэдакцыяй да канца гэтага года.

Мне спаўнялася пяцьдзясят і я ехаў у гэты горад усяго на адну хвіліну, неабходную, каб вырваць Юлію з абдымкаў шкла і бетону, і рушыць далей, туды, дзе ў жылах свету бурліць жывая, зялёная кроў. Насамрэч я ехаў развітацца з жанчынай, але пакуль яшчэ аб тым не ведаў.

Ніколі не маем упэўненасці, куды прывядзе дарога і якім словам сустрэне нас месца, назначанае ў маршруце. І не ведаем, ці дарога „туды”, без залішніх торгаў, перадасць нас дарозе „назад”. Ёсць толькі спадзеў на шчаслівае вяртанне дамоў.

Жанчын у маім жыцці і не замала было, і не зашмат, дакладна столькі, колькі імёнаў зможа захаваць памяць, каб ніводнае не загубілася, не пазбавілася вуснаў, вачэй, голасу.

Быў я з маімі жанчынамі ні коратка ні доўга. Час, канешне, не бывае адзін для ўсіх, ды і цячэнне яго, наперакор гадзіннікам і календарам, мяняецца. Час стрымгаловіць, час ідзе, час сноўдае нага за нагой. Ці спыняецца? Не ведаю. Калі заходзіць у вечнасць, мабыць так, дазваляе спыніць сябе, заварожаны яе заманлівымі абятніцамі.

З маімі жанчынамі я быў да тае хвіліны, пакуль час, дадзены адзін на дваіх, не стане паварочваць на сцежку аднастайнасці і манатоніі. Яшчэ да першых сівых валасоў я зразумеў: паставіш на гэтай сцежцы на крокдва зашмат і ўжо ніколі з яе (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF