Ніва № 41 (2996), 13 кастрычніка 2013 г.
Наш святы пакутнік з ПалічнайГанна КАНДРАЦЮК— Ці адчуваеце прысутнасць святога Георгія з Палічнай? — пытаем у настаяцеля Паўла Кучынскага. — Ці штось змянілася ў вашай парафіі? — А ведаеце, ён нам дапамагае, — бацюшка не хавае ўзрушанасці, — і гэта ўсё адбываецца з дня на дзень, на вачах... Першыя словы датычаць ажыўлення духовасці ў парафіі Вэрсток. — Яшчэ два гады таму ў нас на Уздзвіжанне, — адзначае бацюшка, — у царкве стаяла пяць чалавек. Год пазней было ўжо паўсотні. А сёння — поўная царква. Сотні народу. Сам мітрапаліт з намі. Ёсць улады, ёсць войска. Нават паломнікі з Бельска на аўтобусе прыехалі... Айцец Павел выйшаў на дарогу цэлы ў чаканні: — Я выглядаю яшчэ аднаго госця. Званіў, што ўжо ў дарозе. Да нас едзе бацюшка з Амелянца. Гэта суседняя парафія, яна зараз у Беларусі. Да вайны мы прыналежалі прыходу ў Амелянцы, а вэрстоцкая царква была яе філіялам... * * * У Вэрсток, пушчанскую вёсачку ля беларускай мяжы, мы паспелі якраз у момант прывітання першаіерарха. Сустракаць мітрапаліта Саву выйшлі бурмістр Кляшчэль Ірэна Негярэвіч, войт гміны Дубічы-Царкоўныя Лявон Малашэўскі і Юры Карпюк. Сярод палітычнай світы быў Аляксандр Сяліцкі, былы бурмістр Кляшчэль ды рэактываваны нядаўна на пост старасты Гайнаўскага павета Уладзімір Пятрочук (родам з Палічнай, у якой нарадзіўся святы мучанік Юры). Крыху пазней з’явіўся таксама наш звышмабільны ваяводскі радны Мікола Яноўскі... (...) |