Ніва № 15 (2813), 11 красавіка 2010 г.

З Мацеем Тэфэльскім, сацыёлагам ды ўпаўнаважаным падляшскага ваяводы па справах меншасцей гутарыць Ілона Карпюк.

Што павінна нас зацікавіць найбольш у перапісе насельніцтва, які пройдзе ў 2011 годзе?

— У ім будуць новыя рэчы. Паяўляецца справа мовы, якой карыстаемся ў хаце, роднай мовы. Гэта пакажа як сапраўды выглядае сітуацыя меншасцей. Ціск, які ставіцца на мову, будзе новым і важным паказчыкам. Зразумела, можа быць сітуацыя, што ў хаце гаворым па-польску, але прызнаем сябе, скажам, беларусамі. Тут прафесар Садоўскі прапануе шмат розных ідэнтыфікацый.

Ці, ведаючы вынікі папярэдняга перапісу ды сітуацыю меншасцей у нашым ваяводстве, можна акрэсліць нейкія накірункі. Як можа фармавацца колькасць меншасцей ў гэты раз?

— З пункту гледжання ўпаўнаважанага па справах меншасцей мяне найбольш цікавіць дзейнасць меншасных арганізацый, але назіранне за ўсялякімі мерапрыемствамі, як для прыкладу нядаўні юбілей Віктара Шведа ці фестываль „Беларуская песня” напэўна не адлюстроўваюць колькасці беларусаў у Беластоку. Ідучы гэтым следам, назіранне за праваслаўнымі таксама не дае сапраўдных вынікаў, бо ведаем, што ёсць шмат асоб, якія лічаць сябе праваслаўнымі і палякамі адначасова. Таму спакойна чакаю вынікаў перапісу.

Спакойна ці з нецярплівасцю?

— Спакойна (смех). Найбольш тады напэўна скажуць рэакцыі меншасных асяроддзяў. Іх яркасць пакажа ці прылады ў якасці перапісу дастаткова, ці аднак трэба шукаць іншых метадаў.

Ці з часу папярэдняга перапісу атмасфера ў грамадстве неяк выразна памянялася? Ці спрыяе зараз адкрытым дэкларацыям розных тоеснасцей?

— Зразумела, увесь час сітуацыя мяняецца. Яшчэ восем гадоў таму шмат было страху. Зараз пачуццё бяспечнасці расце і, наадварот, пачуццё боязі змяншаецца. Гэта адбываецца паступова і няспынна з 1989 года. Бачу іншыя пагрозы, крыху на абочыне перапісу. Назваў бы я гэта „гетызацыяй меншасці”. Гэта абмежаванне дзейнасці ў сэнсе крыніц фінансавання. Зараз асноўнымі з’яўляюцца МУСіА ды Маршалкоўская ўправа. Вельмі мала грошай на гэтую дзейнасць знаходзіцца ў гмінных бюджэтах. Застануцца толькі такія выспы. Безумоўна, трэба пашыраць свядомасць арганізацый наконт магчымасцей знаходжання сродкаў, але таксама прыцягваць да нашага рэгіёна турыстаў і інвестараў. Цікавай прапановай з’яўляецца стварэнне ў рамках місіі польскамоўнай праграмы пра меншасці на Радыё Беласток. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF