Ніва № 48 (2794), 29 лістапада 2009 г.
Дзядоўскае турнэ з Анатолем С. (2)Ганна КАНДРАЦЮКДух Анатоля Сыса аб’явіўся ўжо ў Гродне, дзе з раніцы да вечара мы былі вымушаны чакаць начнога цягніка. Каб не таўчыся з манаткамі сярод сышчыкаў, якімі, паводле гродзенцаў, нашпігаваны чыгуначны вакзал з крыштальнымі жырандолямі, мы знялі нумар у прывакзальнай гасцініцы і пайшлі спаць. За пакой, з чыстай пасцеллю, мы заплацілі восем злотых ад асобы. Як за пляшку добрай беларускай гарэлкі. Едучы ў Гродна мы не ведалі якім шляхам будзе масціцца наш дзядоўскі маршрут. У Беларусі, як у савецкія часы, трэба мець квіток на канкрэтны цягнік. Інакш, без білета з пазначаным месцам вас не пусцяць у вагон. Яшчэ да прыезду мы дамовіліся з гродзенскім сябрам-паэтам, каб той, будучы на месцы, набыў нам білеты. Пасля, калі дзень і ноч яму званілі, паэт чамусьці выключаў мабілку: — Пэўна, зайздросціць, што едзем да Анатоля на магілку?! — Можа быць! Ёсць чаго зайздросціць! — пагадзілася Міра. Лёс беларускага паэта мала зайздросны пры жыцці. Але пасля смерці, як у выпадку Анатоля Сыса, — наадварот. Слава і захапленне, якія сустрэлі дратаванага пры жыцці паэта, пасля смерці пераўзышлі ўсе спадзяванні. Сёння ў яго гонар пяюць дыфірамбы і гімны ўчарашнія варажэнькі і зажэртыя крытыканы. Дай Бог такую славу і нашаму гродзенскаму сябру-паэту за ягоную нам дапамогу! За тое, што шэльма намерыўся нас абедзве абуць у лапці. Інакш нас абмінула б тое шчасце, што пасля сустрэла ў цягніку (...) |