Ніва № 48 (2429), 1 снежня 2002 г.

З новай праграмай і падручнікамі

Аляксей МАРОЗ

Нядаўна выйшлі з друку падручнікі па беларускай мове ў гімназіі і ліцэі. Сярод іх — падручнік па літаратурнай і культурнай адукацыі „Са словам праз стагоддзі” для вучняў I класа сярэдніх школ аўтарства Вольгі Сянкевіч — настаўніцы Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Падрыхтавала яна праграмы для навучання беларускай мовы ў І-ІІІ класах гімназіі і сярэдняй школы, патрабаванні для экзаменаў на атэстат сталасці па беларускай мове і з’яўляецца сааўтарам хрэстаматыі для сярэдніх школ па беларускай літаратуры.

Праграма навучання па беларускай мове і літаратуры для сярэдніх школ атрымала станоўчыя рэцэнзіі навуковых супрацоўнікаў Кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта д-р Ядвігі Глушкоўскай-Бабіцкай і д-р Тэрэсы Ясінскай-Сохі і ў кастрычніку гэтага года была зацверджана Міністэрствам нацыянальнай адукацыі. Раней настаўнікі белліцэяў вучылі беларускай мове на падставе сваіх аўтарскіх праграм, маючы на ўвазе супольна прынятыя матуральныя патрабаванні. Праграма для гімназіі чакае рэцэнзій.

Наватарства праграмы Вольгі Сянкевіч праяўляецца ў спосабах навучання і падборцы матэрыялаў для адукацыйнага працэсу. Аўтарка адыходзіць ад засвойвання энцыклапедычных ведаў і многа ўвагі адводзіць развіванню ўмеласцей вучняў. Згодна з патрабаваннямі падрыхтаванымі для экзамену на атэстат сталасці па беларускай мове, у праграме прадбачаны падставовы і пашыраны курсы навучання.

— Старалася я адысці ад падрабязнага пераказу зместу твораў, адводзячы больш месца на іх інтэрпрэтацыю і аналіз. Будзем старацца параўноўваць беларускую прозу і паэзію да сусветнай літаратуры, гісторыі і культуры, якія развіваліся ў паасобных перыядах. Карыстаючыся навейшымі апрацоўкамі зрабіла я падзел на эпохі, вылучаючы самыя сучасныя перыяды ў літаратуры, культуры і грамадскім жыцці, — заявіла Вольга Сянкевіч. — Звярнула я ўвагу на паўстанне 1863-1864 гг. на нашых землях, узнікненне Беларускай Народнай Рэспублікі, трагедыю ў Курапатах і асобу Браніслава Тарашкевіча.

Аўтарка ўвяла элементы гісторыі, культуры і традыцыі Беласточчыны, звяртаючы ўвагу на старыя гарады: Супрасль, Бельск і Драгічын. У праграме многа месца адводзіцца Вялікаму княству Літоўскаму, прыводзіцца творчасць Гарэцкага, Зарэцкага, Арсенневай, Сяднёва, Караткевіча, Быкава, Разанава, Дударава і іншых аўтараў, якую раней з-за недахопу матэрыялаў настаўнікі мала разглядалі. Настаўнікі будуць гаварыць аб жыцці нацыянальных меншасцей у пасляваеннай Польшчы і іх самаўрадавай дзейнасці пасля 1989 года.

— Падбіраючы літаратуру старалася я вывесці правінцыяльныя сялянскія тэмы і паказаць беларусаў як народ, які патрапіць задбаць пра сябе. Увяла я экзістэнцыяльныя і філасофскія тэмы, якія закранаюцца ў творчасці Максіма Багдановіча і іншых пісьменнікаў і звярнула ўвагу на горад. Сялянскую тэму пакінула я пры нагодзе разгляду „Новай зямлі” Якуба Коласа. Падбіраючы матэрыял для праграмы старалася я дапасаваць яго да эмацыянальных патрабаванняў вучняў, — паінфармавала Вольга Сянкевіч.

Каля трэцяй часткі вучняў у белліцэі не вучылася раней беларускай мове і для іх падрыхтаваны ў праграме спецыяльны матэрыял, які першакласнікамі будзе рэалізавацца ў верасні і кастрычніку.

Настаўнікі працуючы з вучнямі, якія раней не вучыліся беларускай мове, будуць звяртаць увагу на чытанне тэкстаў з іх зразуменнем і многа размаўляць з моладдзю. Курс граматыкі абмежаваны да паўтарэння асноўных ведаў з падставовай школы і гімназіі і развівання ўмеласцей з выкарыстаннем літаратурных тэкстаў. У першым класе многа месца адводзіцца арфаграфіі.

У кастрычніку гэтага года за наватарства ў рэфармаванні беларускага школьніцтва Вольга Сянкевіч была ўзнагароджана Медалём Камісіі нацыянальнай адукацыі.