Ніва № 51 (2380), 23 снежня 2001 г.

Самаўрадавае супрацоўніцтва

Аляксей МАРОЗ

Самаўрадавыя дзеячы Бельскага павета 6 і 7 снежня 2001 года спаткаліся на курсах, арганізаваных Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь. Былі яны часткай праекта „Самаўрадавае супрацоўніцтва на тэрыторыях Польшчы і Літвы, дзе жыве беларуская нацыянальная меншасць”.

Рэалізацыя праекта распачалася спатканнем беларускіх самаўрадавых дзеячаў з Польшчы і Літвы, якое адбылося 8 і 9 лістапада ў Вільні. Абмяняліся яны вопытам у галіне гаспадарчай і культурнай дзейнасці.

Праграмны дырэктар Цэнтра грамадзянскай адукацыі Яўген Вапа паінфармаваў, што праект прадбачвае арганізаванне дванаццаці курсаў, сярод якіх шэсць адбудзецца ў Польшчы і шэсць у Літве. Адукацыйныя спатканні распачаліся ад Бельска-Падляшскага. Прадбачваюцца яшчэ сустрэчы ў Гайнаўцы, Сямятычах, Беластоку і Саколцы, а завяршэнне мерапрыемства наладжана будзе ў палове будучага года ў Беластоку.

— У час спатканняў будзем гаварыць аб гаспадарцы, культуры, асвеце і выбарчых праблемах. Будзем звяртаць увагу на ўсё тое, што цікавіць самаўрадавых дзеячаў беларускай нацыянальнай меншасці, — заявіў Дар’юш Данялюк, член Праўлення Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь.

Перад бельскімі самаўрадавымі дзеячамі выступіў Кшыштаф Карпесюк, адказны па справах рэгіянальнай палітыкі ў Маршалкоўскай установе Падляшскага ваяводства, а намеснік рэктара Эканамічнай вышэйшай школы ў Беластоку д-р Ежы Эйсмант гаварыў пра карысці ад еўрарэгіёнаў. Рэктар ЭВШ у Беластоку, прафесар Рышард Гарадэньскі расказаў пра дэмаграфічныя ўмовы Падляшскага ваяводства, асабліва Бельскага павета. Малы паказчык беспрацоўя ў Бельскім павеце не з’яўляецца сапраўдным, даказваў дакладчык. Не ўлічвае ён незарэгістраванага, утоенага беспрацоўя на вёсках. У Падляшскім ваяводстве на вёсках пражывае каля 70 тысяч незарэгістраваных беспрацоўных. Прафесар Рышард Гарадэньскі сказаў, што самаўрады павінны знайсці сваю сцежку развіцця і намагацца атрымаць дапамогу ад дзяржавы, каб затрымаць у сябе маладых людзей.

Бурмістр Андрэй Сцепанюк паінфармаваў, што ў бюджэце Бельска-Падляшскага ажно 60% сродкаў ідзе на справы звязаныя з асветай, а толькі 15-20% на інвестыцыі і прыходзіцца шукаць ашчаднасцей у тых 60%. Гаварыў ён, што самаўрады вымушаны дакладаць на асвету і толькі за свае грошы ўтрымоўваюць садкі, дзе на кожнае дзіця гораду прыходзіцца выдаткаваць па 250 злотых у месяц. Член Праўлення горада Бельска-Падляшскага Аляксандр Божка канстатаваў, што з-за малой колькасці дзетак гарадскія ўлады вымушаны ліквідаваць садкі.

Славамір Іванюк з Беларускага гістарычнага таварыства расказваў пра адносіны беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы да палітычных перамен, якія адбыліся пасля 1989 года. Аб правах нацыянальных меншасцей у еўрапейскім заканадаўстве расказваў д-р Яраслаў Матвяюк з Універсітэта ў Беластоку, а пра самаўрадавыя ініцыятывы жыхароў паўднёва-ўсходняй часткі Беласточчыны гаварыў бурмістр Андрэй Сцепанюк. Мерапрыемства закончылася дыскусіяй пра шанцы і пагрозе для развіцця Бельскага павета.

У час дыскусіі адзначалася, што ў Бельску будуецца мала кватэр. Калі за апошні год на Беласточчыне здалі ў карыстанне 3,2 кватэры на тысячу жыхароў, то ў Бельску толькі 0,7 кватэры. Горад чакае з’яўлення трыццацітысячнага жыхара, але ў будучыні цяжка спадзявацца прытоку жыхароў з вёсак, якія выміраюць. Бельскія прадпрыемствы спасціглі фінансавыя цяжкасці, але іх вырашэнне ў вялікай ступені залежыць ад палітыкі цэнтральных улад. Шанцамі развіцця для Бельскага павета могуць быць вонкавыя інвестары і дадатковыя сродкі.