Ніва № 34 (2363), 26 жніўня 2001 г.

Малітва роднаму небу

Ганна КАНДРАЦЮК

Свята іконы Супрасльскай Божай Маці, якое выпадае 10 жніўня, з году ў год набывае размах. Усё больш паломнікаў і духавенства прыязджае ў адраджаючыся манастыр і царкву. Сярод саноўнікаў, якія ўдастоілі свята — мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, ды ўся іерархія Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Пакланіцца цудадзейнай іконе прыбыло да дзесяці тысяч вернікаў з усіх куткоў Польшчы і замежжа. Дзень раней з Беластока, з парафіі св. Сафіі рушыла паломніцтва, у якім удзельнічала за тры тысячы пілігрымаў. У сямейным і свойскім стылі — разам ішлі цэлыя сем’і, нарачоныя, парафіяне, матулі з дзеткамі ў калясках. На працягу 12 кіламетраў вандроўкі паўсюдна чулася беларуская мова, а рэлігійныя песні адбіваліся рэхам па лесе і залатых лугах. Напевы ў пачатку калоны гарманічна пераклікаліся з чарговымі, каб у канцы стварыць шматгалосы спеў, які чуўся як своеасаблівая малітва роднаму небу і зямлі.

Супрасль са сваімі святынямі, гісторыяй і духовасцю якраз і з’яўляецца гаючай крыніцай для Беластока і ўсяго Падляшша.

Урачысты і незабыўны характар мела малітва на катакомбах. Пачалася яна апоўначы, пасля ўрачыстага акафіста ў гонар іконы Супрасльскай Божай Маці.

Прыгадайма: год назад, калі бурмістр Супраслі дзень да святкавання загарадзіў катакомбы і тым самым не дапусціў асвяціць магілы айцоў манастыра, узнік медыяльны скандал. Зараз сітуацыя нармалізавалася, духавенства атрымала ключы да брамы ў агароджы, што акаляе месца пахаванняў, і асвяціла магілы манахаў.

— Нам трэба берагчы сваю сумленнасць, памяць айцоў Супрасльскай лаўры. Гэта яны стварылі асновы нашай духовасці, — гаварыў на прыгожай беларушчыне архімандрыт Гаўрыіл. Супрасльскі архімандрыт звярнуў увагу на праблему нацыянальнага пытання ў нашым духовым жыцці. Прамова айца Гаўрыіла, на месцы былой Уваскрэсенскай царквы, сярод мора народу са свечкамі, наводзілі настрой з часоў першых хрысціян. Яна напоўніла радасцю і надзеяй многія сэрцы. Гэтая хвіліна запісалася ў сэрцах людзей як сімвалічнае спалучэнне з гістарычным кантэкстам Вялікага княства Літоўскага.

У час ранняй Літургіі пропаведзь на беларускай мове сказаў епіскап Лодзінскі Сіман, вядомы як красамоўны аратар і шчыры патрыёт. Паломнікі ўціралі слёзы, а над Супрасльскім манастыром кружылі буслы.