Ніва № 29 (2358), 22 ліпеня 2001 г.

Форум беларусаў свету

Віталь ЛУБА

5-6 ліпеня г.г. у Мінску адбыўся ІІІ З’езд беларусаў свету, арганізаваны Міжнародным грамадскім аб’яднаннем „Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»”. Рыхтаваўся ён, у адрозненні ад папярэдніх з’ездаў, без дапамогі ўлад. Амаль да апошніх дзён з-за непаслядоўнасці сталічных улад невядомым было месца яго правядзення. Толькі 29 чэрвеня вечарам канчаткова высветлілася, што з’езд адбудзецца ў зале Дома літаратараў. А месяц раней на старонках „Голасу Радзімы” намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Іван Яновіч будучы з’езд назваў „статутным справаздачным мерапрыемствам гэтай грамадскай арганізацыі”, якое „можа пераўтаварыцца ў палітычнае шоу”. Адзначыў ён яшчэ, што „рыхтуемы з’езд (...) выглядае як палітычная акцыя апазіцыйнага да ўладаў Беларусі характару”, і арганізацыям, якія пашлюць дэлегатаў на з’езд „Бацькаўшчыны” рэкамендаваў „улічваць гэтыя абставіны”.

Насуперак намаганням афіцыйных чыннікаў, якія прапанавалі перанесці з’езд на канец або на пачатак наступнага года, ІІІ З’езд беларусаў свету ўсё ж такі адбыўся. Удзельнічалі ў ім 224 дэлегаты з краін СНД, Прыбалтыкі, Заходняй Еўропы і ЗША. З Польшчы ў працах з’езда ўдзельнічалі дваццаць два дэлегаты. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, улічыўшы афіцыйную пазіцыю ўрада, сваіх прадстаўнікоў не паслала. У ліку 149 гасцей з’езда былі, між іншым, пасол ЗША Майкл Козак, віцэ-міністр культуры Валерый Гедройц і згаданы ўжо Іван Яновіч.

У дакладах, якія былі зачытаны ў першы дзень з’езда, выказвалася занепакоенасць станам нацыянальнай свядомасці беларусаў, становішчам беларускай мовы і культуры. Балючай справай з’яўляецца таксама дэмаграфічнае становішча Рэспублікі Беларусь, якая на пачатку ІІІ тысячагоддзя апынулася на парозе духоўнага і фізічнага знішчэння. Некалькі гадоў запар на Беларусі смяротнасць перавышае нараджальнасць і ўпершыню за многія гады колькасць насельніцтва ў краіне налічвае менш за 10 мільёнаў. Вялікую трывогу выклікае таксама стагнацыя ў эканоміцы, паслядоўнасці чарнобыльскай катастрофы і нарастаючыя працэсы эміграцыі.

У дыскусіі моцна падкрэслівалася важнасць гістарычнай айчыны, яе духовага і эканамічнага стану для дыяспары. Старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа адзначыў, што без вялікай, моцнай духовай бацькаўшчыны нацыянальныя меншасці хутчэй асімілююцца, а без веры ў яе магутнасць становяцца слабейшымі. Але кіраўніцтва сённяшняй Беларусі, на што ўказвалі чарговыя прамоўцы, вядзе антынацыянальную палітыку, доказам чаму з’яўляецца нераўнапраўнае становішча мовы тытульнай нацыі і яе культуры, а таксама палітычны курс на аб’яднанне Беларусі з Расіяй. Для ажыццяўлення гэтай мэты прыцягваюцца беларускія суполкі ў Расіі. Выявілася гэта ў выступленнях маскоўскіх дэлегатаў Францішка Каўрыгі — старшыні Савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі „Беларусы Масквы” і Генадзя Леха — старшыні Таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны. Аказваецца, што апрача 6 беларускіх суполак, якія ўзніклі ў дзевяностых гадах, апошнім часам паўсталі 42 суполкі, згуртаваныя ў федэральных аўтаноміях, якія падтрымоўваюць аб’яднанне Беларусі і Расіі. Новастворанымі арганізацыямі цікавіцца беларускае пасольства ў Маскве і аказвае ім падтрымку. Такім чынам у Расіі, як адзначыў Генадзь Лех, стварылася шчырая і няшчырая дыяспара. Частка дэлегатаў, галоўным чынам з Расіі і Украіны, пакарысталася запрашэннем урада і прыняла ўдзел у спатканні ў Савеце Міністраў.

Аб непазбежным паглыбленні расколу дыяспары ва ўмовах існуючага рэжыму сведчыць таксама пасланне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі суайчыннікам далёкага і блізкага замежжа, зачытанае Іванам Яновічам на другі дзень з’езда (некаторыя палічылі гэта знакам непашаны). У ім аптымістычна гаварылася пра дасягненні Рэспублікі Беларусь на шляху будаўніцтва гарманічнага і сацыяльна справядлівага грамадства і пра перакананасць Лукашэнкі ў тым, што „прыспеў час падняць супрацоўніцтва нашай радзімы з беларусамі і выхадцамі з Беларусі іншых нацыянальнасцей на якасна новы ўзровень”. А для гэтага напэўна паслужыць планаваны ўладамі на лістапад гэтага года Кангрэс беларусаў свету.

ІІІ З’езд прыняў праграму „Замежная беларуская супольнасць у ХХІ стагоддзі”, дэкларацыю „Беларуская дыяспара і свет”, заявы „Аб падтрымцы МГА ЗБС „Бацькаўшчына” і кансалідацыі ў беларускай дыяспары” і „Аб падтрымцы беларускай мовы” (дэлегаты звярнуліся да ўрада з патрабаваннем вярнуць беларускай мове статус адзінай афіцыйнай дзяржаўнай мовы).

З’езд адкрыўся і закончыўся гімнам — старажытнай мелодыяй з „Полацкага сшытка” ад 1640 года, апрацаванай для сімфанічнага аркестра кампазітарам Вячаславам Кузняцовым. Гімн будзе музычным сімвалам ЗБС „Бацькаўшчына”. На словы да яго будзе аб’яўлены конкурс.

Насуперак меркаванням дзяржаўных чыноўнікаў, з’езд у палітычнае шоу не ператварыўся. Наадварот, быў ён, як гаварылі ўдзельнікі папярэдняга з’езда, больш канструктыўны, а прамоўцы пазбягалі палітычных тэм, як хаця б надыходзячых прэзідэнцкіх выбараў. Нягледзячы на палітычную стрыманасць апошняга форуму беларусаў свету, цяжка спадзявацца на падтрымку ўлад у выкананні прынятай праграмы, дзе многія прапановы адрасуюцца паасобным міністэрствам і дзяржаўным камітэтам. Для гэтага патрэбна палітычная воля, а такой, як паказала падрыхтоўка і ход з’езда, няма.