Ніва № 23 (2352), 10 чэрвеня 2001 г.

Юбілейны фестываль

Аляксей МАРОЗ

У час адкрыцця ХХ Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы, які назвалі сёлета „Фестывалем пяючай душы”, адчувалася яго юбілейны характар. На ўрачыстасць, якая адбылася 27 мая г.г. у Свята-Троіцкім саборы ў Гайнаўцы прыбыў мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, а пастаянны патранат над Фестывалем узяў прэзідэнт Аляксандр Кваснеўскі. У Гайнаўскім доме культуры адбылося адкрыццё выстаўкі „ХХ гадоў Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы”, на якой паказваецца гісторыя мерапрыемства. Сёлета ў Гайнаўцы выступаюць хоры — лаўрэаты мінулагодніх фестываляў.

Фестываль распачаўся багаслужбай, якую ўзначаліў мітрапаліт Сава, выступленнем гаспадароў і запрошаных гасцей ды канцэртам мінулагодняга лаўрэата — Маскоўскага дзяржаўнага хору пад кіраўніцтвам Андрэя Кажэўнікава.

— Першы канцэрт, які адбыўся дваццаць гадоў назад меў вызначаную мэту — паказаць усім людзям царкоўны спеў, душу праваслаўя. У час царкоўнага спеву спалучаемся з нашым першавобразам, Тварцом, а хто спявае, моліцца двойчы. Самае важнае ў час спеву — хваліць ад душы Бога, нашага Тварца, а мастацтва ў царкоўнай музыцы з’яўляецца справай важнай, але другараднай, — сказаў мітрапаліт Сава.

Дырэктар Фестывалю Мікола Бушко — член Рады фестывалю, якая арганізуе мерапрыемства ў гэтым годзе, сказаў пра юбілейны характар сёлетняга мерапрыемства, прыпамінаючы арганізатараў Дзён царкоўнай музыкі ў 1982 годзе, якімі, апрача Міколы Бушко, былі айцы Міхаіл Негярэвіч і Юрый Шурбак. Запрапанаваў ён хвілінай цішыні ўшанаваць пакойных арганізатараў фестывалю, між іншым, настаяцеля Гайнаўскага прыхода а. Антонія Дзевятоўскага і настаяцеля прыхода ў Новаберазове а. Сяргея Стальбоўскага. Дырэктар Мікола Бушко прывітаў запрошаных гасцей, у першую чаргу ўладыку Саву, епіскапаў Гайнаўскага — Мірана, і Бельскага — Грыгорыя і праваслаўнае духавенства. Фестываль удастоілі пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы Мікалай Крэчка і консул Генконсульства РБ у Беластоку Аляксандр Карачун. Прысутнічалі паслы Сейма Владзімеж Цімашэвіч, Сяргей Плева, ваявода Крыстына Лукашук, якая зачытала пасланне ад прэм’ер-міністра Ежы Бузка, віцэ-маршалак Падляшскага ваяводства Эдвард Шчэпаноўскі, і галоўны рэдактар „Газеты выбарчай” Адам Міхнік. Дарадчык прэзідэнта Аляксандра Кваснеўскага Ежы Высакінскі паведаміў, што прэзідэнт упершыню ўзяў пастаянны патранат над мерапрыемствам такога характару і зачытаў ад яго ліст. Арганізатары запрасілі ў сабор войтаў, радных самаўрадаў і кіраўнікоў розных устаноў ды прадпрыемстваў. Вернікі слухалі спеву, стоячы звонку храма.

— Дваццацігадовы юбілей — асаблівая нагода для падвядзення вынікаў — якім быў, ёсць і можа стаць фестываль. Гэта асаблівая школа для парафіяльных хораў, — заявіў бурмістр Гайнаўкі Анатоль Ахрыцюк, адзначаючы, што мерапрыемства прапагандуе горад, Гайнаўшчыну і Падляшскае ваяводства ў Польшчы і замежжы.

Інаўгурацыйны канцэрт даў мінулагодні лаўрэат, Маскоўскі дзяржаўны хор. Узнік ён у 1956 годзе і выступаў у многіх краінах Еўропы і Карэі. Зараз выконвае перад усім царкоўную музыку. Госці з Масквы заспявалі 12 царкоўных твораў на музыку Паўла Часнакова, Мікалая Глінкі, Сяргея Дзегцярова, Пётра Радкевіча, Аляксандра Кастальскага і іншых. Некаторыя партыі выконваліся сола. Першыя творы дырыжыраваў Аляксей Руднеўскі, які ў мінулым годзе на Фестывалі ў Гайнаўцы заступаў Андрэя Кажэўнікава. Цяжка зразу ацаніць як выступленне пераможцаў мінулагодняга Фестывалю ўспрымаюць слухачы, паколькі ў храме не апладзіруюць. Першыя асобы, з якімі завязаў я размову пасля канцэрту, звярталі ўвагу на высокі прафесіяналізм маскоўскіх харыстаў, але частцы больш даспадобы выступленні парафіяльных хораў з душэўным спевам.

— Цяперашні Маскоўскі дзяржаўны хор не нагадвае мінулагодняга, бо ўсе недахопы зніклі. Выконвае ён вельмі багаты і ўдала падабраны рэпертуар, — заявіў старшыня конкурснай камісіі, прафесар Рамуальд Твардоўскі.

На працягу 20 гадоў

Пасля канцэрта ў Свята-Троіцкім саборы, у Гайнаўскім доме культуры, які з фондам „Царкоўная музыка” рыхтаваў мерапрыемства, адбылося адкрыццё выстаўкі „ХХ гадоў Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы”, на якім прысутнічалі арганізатары Фестывалю і запрошаныя госці. У дзвюх выставачных залах знаходзяцца фатаграфіі і дакументы, якія даюць храналагічны агляд выступленняў хораў у Гайнаўцы. Можна там знайсці інфармацыі пра першыя Дні царкоўнай музыкі, арганізаваныя ў 1982 годзе, пра першы замежны хор з Фінляндыі „Куаволя”, які прыехаў у 1984 годзе і пра фестываль у 1991 годзе, калі стаў ён міжнародным. У 1995 годзе міністр культуры і мастацтва, пад патранатам якога праходзіў фестываль, уключыў яго ў нулявую катэгорыю фестываляў, на што часта звяртаюць увагу арганізатары мерапрыемства. Да 1999 года ў фестывалях прынялі ўдзел каля 380 хораў з 26 краін Еўропы, Азіі, Паўночнай Амерыкі і Афрыкі. У апошніх гадах у маі наведвае Гайнаўку больш за тысячу харыстаў. Расце колькасць прыхільнікаў царкоўнай музыкі, якія заходзяць у сабор на канцэрты.

Побач здымкаў на выстаўцы знаходзяцца фестывальная прэса, інфарматары і плакаты, ляжаць памяткі, якія пакінулі ў Гайнаўцы ўдзельнікі фестывалю.